
Фотавыстава “Беларусь. Шлях да свабоды” ўрачыста адкрылася ў Варшаве 10 снежня. Арганізатары – фонд “Беларускі дом” і варшаўскі “Дом сустрэч з гісторыяй” – прымеркавалі адкрыццё да Дня правоў чалавека.
Лейтматыў экспазіцыі – супрацьстаянне карнікаў і пратэстоўцаў: фотаздымкі журналістаў “Белсат” і “Наша Ніва” паказваюць гвалтоўныя затрыманні, масавыя маршы, ахвяр і герояў. Таксама прадстаўлены каляндар, па якім можна адсачыць узмацненне рэжыма Лукашэнкі праз гады.
На адкрыцці выставы прысутнічалі Прэзідэнт Варшавы Рафал Тшаскоўскі, кіраўнік Каардынацыйнай Рады Павел Латушка і кіраўнік фонда “Беларускі дом” Алесь Зарэмбюк.
“Пачуцьцё салідарнасці, калі людзі выходзяць на маршы, маніфестацыі, ладзяць акцыі пратэстаў – гэта галоўнае сведчанне, што мы пераможам!” – адзначыў Павел Латушка.

Прадстаўнікі беларускай апазіцыі падкрэслілі, наколькі для беларусаў важны польскі досвед у змаганні за свабоду. Яны падзякавалі Польшчы за падтрымку і магчымасць беларускай дыяспары жыць тут годна і вольна. “Вашая барацьба таксама цягнулася не некалькі месяцаў, а гады – і скончылася перамогай”, – сказаў Алесь Зарэмбюк.
Рафал Тшаскоўскі выказаў падтрымку ўсім беларусам: “Кожны раз, калі нешта адбываецца ў Беларусі, мы гуртуемся з беларусамі і, безумоўна, мы зараз з імі, мы зараз з вамі, нашымі сябрамі”.
Арганізатары заклікалі памятаць, як лёгка можна страціць свабоду і дэмакратычныя каштоўнасці.
Паглядзець экспазіцыю можна анлайн: https://dsh.waw.pl/3504-bialorus-droga-do-wolnosci,wys#
Фота: Ляксей Масеціч для Siabry.org
Сачыце за намi ў сацыяльных сетках!
Тэлеграм: Siabry.org – Беларусы свету
Група ў фейсбуку: Siabry.org – Партал беларусаў свету
Iнстаграм: @siabry_org
Твiтэр: @siabry_org