
Аўтары беларускамоўнага мультсерыяла “Блізняты-важаняты” збіраюць грошы на навагоднюю серыю. У святочным эпізодзе героі навучаць дзетак новай каляднай песенцы і пабачаць разам з імі сапраўдны цуд.
Серыял з’явіўся з ідэі паказаць дзеткам, што беларуская мова – гэта не падручнік са складанымі словамі, яна цікавая, яркая і сучасная.
– Мы хацелі, каб у кожным мульціку была невялічкая песенка: у форме гульні дзеткам прасцей завучыць беларускія словы, – распавядае ўдзельніца каманды праекта Марыя Грыц. – У першым эпізодзе пра хованкі мы вучылі дзетак лічыць да дзесяці. На новы год зробім кліп – наша аўтарка прыдумала класны верш з навагодняй лексікай.
Па словах Марыі, нават дзве хвіліны анімацыі патрабуюць удзелу мноства спецыялістаў. Гэта справа не дня ці тыдня, а некалькіх месяцаў.
– Па-першае, працуе аўтарка, якая прыдумляе сюжэт і складае верш. Потым мастакі малююць фоны, герояў. Аніматары робяць так, каб вожыкі і іншыя істоты ў мульціку рухаліся. Патрэбная таксама праца моўная, праца рэжысёркі. І, канешне ж, – агучка і музыка. Саўндтрэк пішацца адмыслова для нашых мульцікаў. Ён заўжды вельмі цёплы, зроблены з душою.
На думку аўтараў, мульцік будзе цікавы не толькі дзеткам, але і дарослым:
– “Блізняты-важаняты” не столькі камерцыйны праект, колькі глыток паветра для людзей, якія жывуць у Беларусі і бачаць на вуліцах увесь гэты жах. Аўтары падкрэсліваюць, што праект надзвычай актуальны ў краіне, дзе дзеткі амаль не маюць магчымасці навучацца на роднай мове, а фільмаў і кніжак па-беларуску выпускаецца не так і шмат. На першую серыю сродкі паспяхова сабралі праз краўдфандынг. Аўтары ўпэўненыя, што назбіраюць патрэбную суму і цяпер.
Дапамагчы праекту можна па спасылцы: https://www.facebook.com/donate/176376567469310/10221310255417802