
Раней мы прапанавалі вам спіс фільмаў і музыкі для калядна-навагодняга настрою. Аднак пад што сустракаць Новы год, калі стары атрымаўся настолькі незвычайным? Ці дарэчна падводзіць вынікі-2020 пад расейскі “Блакітны агенчык”, калі апошнія месяцы мы жылі пад “Перамен” і “Купалінку”? Прапануем, што паглядзець беларусу ў навагоднюю ноч.
20:00. “Годны аганёк”

Першай навагодні цуд прапануе кампанія “Годна”. Каманда арганізатараў БНР100 рэгулярна публікуе відэа пра Беларусь і беларусаў. Музыка, мова, культура і адпачынак – гэта пра іх. Навагоднюю ноч каманда “Годна” таксама не пакіне без гэтых значных складнікаў: музычную анлайн-вечарыну правядуць Ягор Kipah і Людміла Пагодзіна, а зайграюць для беларусаў Palina, Бакей, Groove Dealer, Dlina Volny, Kakora, Panska Moc, Лиса, Союз, Птичьи Права, Танграм, Яна Sativa, Галантерея ды іншыя.
21:00. “В Новый год с NEXTA!”
Галоўныя “куклаводы” мінулага года будуць з беларусамі і ў святочны вечар. NEXTA прапануе гледачам успомніць мінулы год разам – ягоных герояў, самыя яскравыя падзеі ды акцыі. Таксама абмяркуюць сусветныя падзеі: пандэмію, пратэсты і выбары ў ЗША, вокамгненную рэвалюцыю ў Кыргызстане. А пасля беларусаў павіншуе Святлана Ціханоўская!
22:00. Навагодні эфір на “Маланка медыя”
Анансавалі навагодні эфір і медыя ініцыятывы zubr.in. Платформа дапамагала беларусам сачыць за працай выбарчых камісій на сёлетніх выбарах. Цяпер “Маланка медыя” працягваюць асвятляць падзеі ў краіне, і на Новы год яны правядуць святочны эфір.
22:20. “Вечаровы шпіль” на Белсат
Сатырычнае шоу, дзе “навіны, падобныя да жартаў, і жарты, падобныя да навінаў”, у гэты вечар выйдзе ў навагоднім фармаце. Перадача для тых, хто здольны з гумарам паставіцца нават да 2020 года.
22:30. “БЧБ-огонек” ад “Честных людей”
Яшчэ адна вядомая ініцыятыва павіншуе беларусаў са святамі патрыятычнай альтэрнатывай “агеньчыка”. Абяцаюць дрыжыкі ад музыкі, матывацыю ад валанцёраў і стваральнікаў фондаў, віншаванні беларусам ад беларусаў, а таксама – артыстаў, якія не граюць, а гавораць праўду. Віншаванне народнай прэзідэнткі можна будзе паглядець і тут.
22:55. Музычная камедыя “ЧынЧыны ў краіне цудаў” на Белсат
Белсат прапануе разам з ЧынЧынамі зірнуць у паралельныя сусветы і пабачыць кантраст паміж Беларуссю старой і новай. Пасля фільма будуць трансляваць віншаванне Ціханоўскай, а Новы год пачнуць пад нацыянальны гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” ў выкананні Вольнага хору.
23:30. 20 протестных песен 2020 года на “Стране для жизни”
Меламанам спадабаецца эфір на канале, з якога, бадай, пачалося нараджэнне Новай Беларусі. У праграме – пратэстная музыка, віншаванні ад падпісчыкаў і гасцей канала. Таксама павіншуе гледачоў прэзідэнтка.
23:34. “Жыве Live” ад BYSOL
У запамінальную для беларусаў хвіліну пачне стрым галоўны фонд салідарнасці гэтага незвычайнага года. Лайн-ап эфіра атрымаўся інтэрнацыянальным: для гледачоў выступяць больш за 30 артыстаў, сярод якіх беларусы NAKA, расейцы Animal Jazz ды Барыс Грабеншчыкоў, латвійцы Brainstorm, літоўцы Jurgis Didziulis і Erica Jennings ды іншыя. Будзе транслявацца і віншаванне Ціханоўскай.
00:05. “Партызанскі Новы год” на Белсат
Працягнуць святкаванне белсатаўцы прапануюць пад партызанскае музычнае шоу з галоўнымі беларускімі песнямі года. Беларусаў павіншуюць і з замежжа: на свяце выступяць сябры вольнай Беларусі Барыс Грабеншчыкоў, Арцемій Троіцкі, Андрэй Макарэвіч, Юрый Шаўчук.
Акрамя таго, роўна ў 23:34 святочную праграму пачне “Радыё перамен”. І ўжо цяпер можна паглядзець навагодні кватэрнік ад NIZKIZ, PALINA, Бакей, DLINA VOLNY, СОЮЗ.Мінулагоднія святочныя шоу шукайце ў нашай спецыяльнай падборцы.
Наста Маркевiч, Siabry.org
Сачыце за намi ў сацыяльных сетках!
Тэлеграм: Siabry.org – Беларусы свету
Група ў фейсбуку: Siabry.org – Партал беларусаў свету
Iнстаграм: @siabry_org
Твiтэр: @siabry_org