Артыкулы

Печаны карп, клубнiчны торт ды ясельны сярун: незвычайныя калядныя традыцыi розных краiн.

У большасцi хрысцiянскiх краiн Каляды – гэта сямейнае свята, якое святкуюць больш-менш аднолькава: збiраючыся ў коле самых блiзкiх за добрай вячэрай. Але ў кожнай краiне ёсць i свае ўласныя калядныя традыцыi. Пра самыя цiкавыя нам распавядуць беларусы з розных месцаў планеты.


Чэхiя: малеча Iсус, яслi, смажаны карп

Распавядае Сяргей Сматрычэнка – беларус з чэскага Брна, культурны амбасадар Беларусi ў Чэхii.

“У некаторых краінах падарункі на Каляды носіць святы Мікалай ці розныя вытворныя ад яго істоты, у некаторых – малеча Ісус, а ў Чэхіі ды Славакіі, – і адзін, і другі. Мікалай, праўда, трохі загадзя – ужо напярэдадні свайго дня, увечары 5 снежня, і толькі дробны пачастунак, а малеча Ісус (Ježíšek) па-сапраўднаму “адрываецца” на Шчодры вечар. Цікава, што ў часы сацыялізму ў Чэхіі была спроба замяніць “буржуазна-рэакцыйнага” Ісусіка Дзедам Марозам, але спроба не выйшла.

Па-сапраўднаму пах Калядаў пачынае разносіцца па абшарах Чэхіі і Славакіі недзе на зломе лістапада і снежня, калі ў гарадах адкрываюцца адвентныя (калядныя) кірмашы, на цэнтральных плошчах усталёўваюцца аздобленыя ялінкі (імі, дарэчы, могуць быць і піхты, і елкі, і сосны), а побач – дзіцячыя каруселі ды колы агляду, і абавязкова звон, гучанне якога мусіць прынесці шчасце ў наступным годзе. Ялінкі, дарэчы, ужо амаль 100 гадоў абавязкова прывязаныя да дабрачыннасці: побач з імі як правіла знаходзіцца скарбонка для ахвяраванняў тым, каму патрэбная дапамога.

Бадай, яшчэ больш важныя за ялінкі – яслі, батлейкі, шопкі, па-чэшску betlém, то-бок фігурнае ўвасабленне сцэны пакланення жывёл, пастухоў і трох валхвоў нованароджанаму Хрысту. Побач з такімі яслямі нярэдка бываюць закуткі з жывымі авечкамі, казлянятамі, вослікамі. Ну і на кожным кроку “з кожнага праса” чуюцца калядкі.

Нарэшце, 24 снежня прыходзіць Шчодры дзень, з якім знітаваныя галоўныя калядныя традыцыі. Тыя, хто вытрымае не есці цэлы дзень да самага вечара, убачаць “залатое парасятка”. Мяркую, што ў чэхаў, якія пераважна не прызвычаеныя да посту і ўстрымання, сапраўды могуць з’явіцца ад голаду зорачкі перад вачыма ў выглядзе ўлюбёнай стравы. Аднак улюбёная страва на Шчодры вечар – зусім не свіное калена, а запечаны карп і бульбяная салата, гэтакі аддалены адпаведнік аліўе. Для продажу карпаў за некалькі дзён спецыяльна абсталёўваюць гандлёвыя месцы на вуліцах.

Карп – сiмвал чэскiх Калядаў / Фота: nutriadapt.cz

Пасля вячэры – час распакоўвання падарункаў пад ялінкай, а падарункаў, трэба сказаць, бываюць сапраўды горы. Каму было мала калядак з крамаў і адвентных рынкаў, можа заспяваць яшчэ парачку дома. Ахвотнікі таксама могуць паваражыць: на сарцавіне разрэзанага яблыка ці на растопленым свінцы, злітым у ваду. Набожнымі чэхаў збольшага назваць цяжка, аднак Божае нараджэнне нярэдка бывае адзінай нагодай у годзе, каб схадзіць у касцёл на святочную імшу.

Каляды доўжацца тры дні. Лішне казаць, што 25 і 26 снежня працягваюцца візіты па бабулях, цётках ды сябрах, дзе актыўна працяваецца набіванне трыбухоў ды прагляд бясконцых казак па тэлевізары, сярод якіх, дарэчы, не могуць адсутнічаць знятае ледзь не 60 гадоў таму ў СССР “Марозка” або трохі свяжэйшыя “Тры арэшкі для Папялушкі”. Тым больш спартыўнай потым бывае сустрэча Новага года, які зусім не лічыцца вялікім святам, хутчэй дадатковым выхадным, а значыць, лішняй нагодай з’ездзіць у горы пакатацца на лыжах ці прагуляцца па лесе і скарыць нейкую вяршыню з аглядальнай вежай. Калядныя кірмашы і аздобленыя ялінкі, дарэчы, да Новага года звычайна не дастойваюць, а калі і так, то хіба дзеля турыстаў “з усходу”.”


Каталонiя: бервяно, якое трэба бiць, каб яно спаражнiлася падарункамi

Каляды ў Каталонii маюць шмат агульнаеўрапейскiх традыцый. Тут таксама вельмi любяць яслi – iх будуюць у кожным доме, ёсць нават клубы стваральнiкаў ясляў, якiя па-каталонску завуцца pessebre. Калядныя кiрмашы Барселоны ды iншых гарадоў ды мястэчак Каталонii гандлююць перш за ўсё менавiта фiгуркамi для ясляў. I вось тут нас чакае сапраўдны сюрпрыз: сярод шматлiкiх выяў Божае мацi, малечы Iсуса, трох каралёў ды iншых бiблейскiх персанажаў можна пабачыць фiгурку чалавека, апранутага ў народны каталонскi строй, якi.. прысеў па вельмi важнай патрэбе.
Гэтага персанажа завуць caganer – лiтаральна “сярун”, i ён з’яўляецца для каталонцаў сiмвалам дастатку ў надыходзячым годзе. Без гэтай выявы селянiна, якi, добра пад’еўшы, угнойвае сваё поле, каталонскiя калядныя яслi немагчымыя. 

Каганэраў-серуноў робяць і ў выглядзе палітыкаў, акцёраў, героеў масавай культуры ды іншых знакамітасцяў, пантэон якіх кожны год абнаўляецца. Так, у гэтым годзе надзвычай папулярныя серуны ў санітарных масках, а таксама выявы Джо Байдэна, Борыса Джонсана ды галоўнага санітарнага доктара Іспаніі.

Яшчэ адна надзвычай цікавая калядная традыцыя каталонцаў – гэта tio de Nadal, Каляднае бервяно, якое дае дзецям салодкія падарункі на Шчодры вечар.

Гэтае палена з намаляваным тварам у традыцыйнай каталонскай шапцы – баррэціне – ставіцца дома напачатку снежня.  Спачатку дзеці гадуюць яго, прыносяць ласункі – напрыклад, мандарынавыя скуркі. А на Шчодры вечар яго б’юць палкай ды спяваюць адмысловую песеньку, каб яно накакала салодкіх падарункаў: традыцыйных турронаў, шакаладу ды iншых прысмакаў.

Каталонскае Каляднае палена / Фота: viladecans.cat

Японiя: клубнiчны торт на Курысумасу

Распавядае Тацяна Цагельнік з японскага Сапара:

“Японцы гэты дзень называюць Курысумасу, ад англiйскага слова Christmas. Пайшло, вядома, ад эўрапейцаў ды амэрыканцаў. У Японіі ёсць вернікі розных канфесіяў хрысціянства, але іх вельмі-вельмі мала. Пануючыя рэлігіі тут сінтаізм і будызм.

Прыкладна з сярэдзіны-канца лістапада пачынаюць упрыгожваць ялінкі, гандлёвыя цэнтры/крамы і прадаваць шакалад, калядныя падарункі. Курысумасу звычайна бавяць з каханымі ці сямьёй і звычайна ядуць торт зь белым крэмам і клубніцамі. Вядома, ня ўсе семьі сьвяткуюць, бо сьвята зноў жа не японскае. Дзецям звычайна дораць падарункі, у дзіцячыя садкі прыходзяць японскія Санта Клаўсы.

Роўна 26 сьнежня ўсе калядныя ўпрыгожваньні зьнікаюць і зьяўляюцца атрыбуты японскага традыцыйнага новага года.”


Павел Кiрылёнак, Siabry.org

Фота ў загалоўку: independent.co.uk


Сачыце за намi ў сацыяльных сетках!

Тэлеграм: Siabry.org – Беларусы свету
Група ў фейсбуку: Siabry.org – Партал беларусаў свету
Iнстаграм: @siabry_org
Твiтэр: @siabry_org

Похожие публикации
Артыкулы

Чаепитие со “Шкодой”, #StopTerrorInBelarus и другие акции солидарности беларусов мира 11-17 января

Артыкулы

Дистилляция против диктатуры: как беларусы борются с монополией государства на алкоголь

Артыкулы

Кругосветное путешествие национального флага и другие мероприятия беларусов мира 4-10 января

Артыкулы

"Блины для Фейсбука, драники для души". Беларус из Вашингтона о штурме Капитолия, фуд-бизнесе и беларуском лобби в Америке

Добавить комментарий