Артыкулы

“Яго ледзь не пабілі за тое, што ён маўчаў. Аказалася – нямы”. Гісторыі арыштаваных студэнтаў

студенческий марш минск

Пачынаючы са жніўня ўлады не спыняюць затрыманні і катаванні датычна мірных людзей, якія маюць “няправільную” грамадзянскую пазіцыю. За чатыры месяцы затрыманыя каля 400 студэнтаў і студэнтак. Зафіксаваныя 146 фактаў адлічэнняў. Як мінімум 97 студэнтаў атрымалі пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, 57 – у выглядзе штрафаў (больш інфармацыі тут). Распавядаем гісторыі студэнтаў, якія прайшлі праз “суткі”.


Марцін

Мяне затрымалі пасля нядзельнага маршу 20 верасня. На вуліцы Казлова і праспекце Незалежнасці калону падзялілі, людзі пачалі рухацца ў бок ЦУМа, у гэты ж момант пад’ехалі “бусікі”. Мы сталі ў ланцуг, аднак, калі з’явіліся амапаўцы, большасць збегла. Застаўся першы шэраг, там быў і я. 

Людзей пачалі “выдзёргваць”, мяне ўдарылі з калена і таксама выцягнулі. У бусе было нармальна, толькі крычалі, маральна ціснулі, пыталіся, колькі нам за гэта заплацілі. У аўтазаку тварыўся неадэкват, здавалася, сілавікі сарваліся з ланцуга. У Цэнтральным РУУС доўга стаялі, бралі адбіткі пальцаў, складалі пратакол… Пасля павезлі ў Жодзіна. Там прынялі так сабе. Кагосьці ледзь не пабілі за маўчанне. А той аказаўся нямы. 

Кампанія ў камеры была добрая: гулялі ў шашкі, шахматы, зробленыя з хлеба і туалетнай паперы. 22 верасня нам не далі абед (магчыма, забыліся на нас), мы пачалі грукаць. У нас спыталі: “Домой хотите?” Жартавалі з нас, маўляў, “адпусці іх, яны хутчэй на Плошчу хочуць”. У выніку 22 верасня нас выпусцілі, дзякуй валанцёрам.


Аміра

Амаль кожную нядзелю я выходзіла ў горад. Падтрымлівала ўсе акцыі ва ўніверсітэце і кожны дзень пасля пар грала ў пераходзе з бел-чырвона-белым сцягам.  Гэта ўздымала дух як нам, музыкам, так і людзям вакол. 

Першы званочак прагучаў, калі затрымалі нашых знаёмых “ВВС-band”, але нас гэта толькі распаліла. Мы пачалі выходзіць часцей, удзельнічалі ў акцыях, і аднойчы не спадабаліся камусьці з натоўпу, на нас выклікалі АМАП. Я атрымала 5 сутак. Там было, канешне, нясоладка (прыніжэнні, брыдкаслоўе на мой адрас), але дзякуй, што без рукапрыкладства. 

Пасля арышту я ўзяла ўдзел у акцыі салідарнасці, якую ладзіў мой універсітэт. На наступны дзень даведалася, што мой пропуск заблакаваны, а яшчэ пазней паведамілі: “Вы адлічаная”.

Затрыманнi студэнтаў у Мiнску / Фота: belsat.eu

Ганна

Затрымалі мяне 17 кастрычніка на Маршы маладосці (студэнтаў), разам з сяброўкай. Бегчы было асабліва няма куды: нас заціснулі з двух бакоў. Затрымліваў АМАП – максімальна непрыемныя людзі, нават людзьмі іх складана назваць: пастаянныя крыкі, пагрозы, мацюкі. Хлопцы ляжалі на падлозе, іх моцна білі. Дзяўчаты проста сядзелі. Потым нас перавялі ў аўтазак, дзе было 28 студэнтаў; там ставіліся нармальна. 

У аўтазаку вісеў вялізны сцяг БССР, а пад ім – пакет для смецця, забіты бчб-сцягамі.

У Цэнтральным РУУС нас завялі ў спартзалу і сказалі чакаць. Потым прыйшоў начальнік, загадаў здымаць рамяні, ўпрыгожванні і ўсе шнуркі: тут я ўжо зразумела, што, мабыць, не адпусцяць, усё сур’ёзна. Далі патэлефанаваць бацькам. У РУУСе мы былі гадзін восем: на нас склалі пратаколы па артыкулах 23.34 і 23.4, знялі адбіткі пальцаў, магшоты, занеслі ў базу. Каля 9-й вечара прыехаў аўтазак, які адвёз нас на Акрэсціна. У маім “стакане” дзве сцяны былі заплямленыя застылай крывёю. 

У ІЧУ на Акрэсціна нас прынялі не лепшым чынам: трымалі на холадзе некаторы час, потым нейкі начальнік пачаў выпытваць, што нам не падабаецца, казаў, што мы “зажраліся”, што ў жыцці яшчэ нічога асаблівага не бачылі, каб выходзіць на пратэсты. Крычаў ён гучна, груба, пару момантаў былі страшнымі… Пасля нас засялілі ў “апартаменты”: я апынулася ў камеры на траіх, разам з дзвюма дзяўчынамі, якіх забралі з таго ж маршу.

Нядзеля была самым цяжкім днём: ты не ведаеш, што цябе чакае, не ведаеш, як праходзіць нядзельны марш, час цягнецца бясконца. Да таго ж, да нас прыехаў пагаварыць ГУБАЗіК: чаму выходзіш, што не задавальняе, якія ў вас прэтэнзіі да прэзідэнта. Здзівіў мяне той факт, што адзін з супрацоўнікаў гэтай арганізацыі не ведаў, што Віктар Бабарыка сядзіць. Яшчэ выпытвалі паролі ад тэлефона, мне пашанцавала, не спыталі. 

У панядзелак быў суд. У РУУС нас пераканалі, што атрымаем штрафы, але ўсе атрымалі па 10 сутак. На судзе прысутнічалі мае сябры, мне нават далі з імі пагаварыць. Увечары таго ж дня перавялі ў суседні будынак – ЦІП. Там я ўжо трапіла ў камеру на шасцярых: былі журналістка “Анлайнера”, будучыя медык, інжынер, перакладчык, біёлаг і я – культуролаг.

У чацвер, дзень перадач, атрымаць што-небудзь не давялося: а 6-й раніцы чацвярых з нашай камеры перавялі ў Баранавічы. Перавозілі як асабліва небяспечных злачынцаў: з канвоем, вайскоўцамі, сабакамі, усё было вельмі сур’ёзна.

У Баранавічах я трапіла ў камеру на дзесяцёх і нарэшце сустрэла сваю сяброўку. У нас была традыцыя: кожны дзень за абедам чокацца кісялём за яшчэ адны перажытыя “суткі”.

Там цалкам выконваўся распарадак дня, былі прагулкі. Але мыцца нас не вадзілі ні разу. Вопыт не самы прыемны, але, як гаворыцца, хто не сядзеў, той не беларус…

Кацярына Дзянiсава, Siabry.org

Фота ў загалоўку: rbc.ua


Сачыце за намi ў сацыяльных сетках!

Тэлеграм: Siabry.org – Беларусы свету
Група ў фейсбуку: Siabry.org – Партал беларусаў свету
Iнстаграм: @siabry_org
Твiтэр: @siabry_org

Похожие публикации
Артыкулы

Чаепитие со “Шкодой”, #StopTerrorInBelarus и другие акции солидарности беларусов мира 11-17 января

Артыкулы

Дистилляция против диктатуры: как беларусы борются с монополией государства на алкоголь

Артыкулы

Кругосветное путешествие национального флага и другие мероприятия беларусов мира 4-10 января

Артыкулы

"Блины для Фейсбука, драники для души". Беларус из Вашингтона о штурме Капитолия, фуд-бизнесе и беларуском лобби в Америке

Добавить комментарий